На поўначы Польшчы 5 сакавіка знайшлі «падазроны прадмет» у выглядзе паветранага шара. Гэта ўжо трэці такі аб’ект, які там знайшлі за апошнія двое сутак. Імаверна, гаворка ідзе пра метэазонд з суседняй Калінінградскай вобласці РФ, паведамляе RMF FM.
У аўторак, 5 сакавіка, фрагмент паветранага шара знайшлі непадалёк ад горада Кервік у Вармінска-Мазурскім ваяводстве на поўначы Польшчы. Гэта не першы такі выпадак: літаральна напярэдадні ў гэтым жа рэгіёне ў розных месцах прызямліліся яшчэ два падобныя аб’екты. Ніякіх спецыялізаваных прыладаў ні на адным аэрастаце не было.
Як стала вядома выданню, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра метэазонды, якія прыляцелі з Калінінградскай вобласці РФ, што мяжуе з Польшчай. Пра гэта могуць сведчыць кірылічныя надпісы на шарах.
У польскай паліцыі і пракуратуры запэўніваюць, што такія метэазонды знаходзілі на поўначы краіны задоўга да абвастрэння міжнароднай абстаноўкі.
— Часам такія паветраныя шары запускалі для таго, каб праверыць кірунак ветру, — патлумачыў прадстаўнік пракуратуры Даніэль Брадоўскі.
Аднак ён адзначыў, што кожная такая знаходка патрабуе праверкі і вывучэння. Метэазонды аддадуць на даследаванне вайскоўцам.