У Мінабароны Расіі назвалі начныя ўдары па ўкраінскіх гарадах «ударамі адплаты». Ва ўкраінскім Генштабе расказалі, што расійскія войскі спрабавалі вярнуць страчаныя пазіцыі ў Запарожскай вобласці. У Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што сваім публічным выступам у Беларусі Прыгожын прадэманстраваў, што па-ранейшаму кантралюе ПВК Вагнера.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 512-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Працягнулі наступальныя аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках
Расійскія войскі нанеслі 78 авіяцыйных удараў і правялі 69 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Для начнога масіраванага ракетна-авіяцыйнага ўдару па Украіне расійская армія задзейнічала 16 крылатых ракет марскога базавання «Калібр», 8 крылатых ракет Х-22, 6 крылатых ракет «Онікс», кіравальную авіяцыйную ракету Х-59 і 32 ударныя БПЛА тыпу Shahed. СПА знішчылі 13 крылатых ракет «Калібр», кіравальную авіяцыйную ракету Х-59 і 23 ударныя БПЛА Shahed, паведамляе Генштаб Украіны.
— Праціўнік засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі тут адбылося каля 30 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійская армія нанесла авіяцыйны ўдар у раёне вёскі Грамячка Чарнігаўскай вобласці. Абстраляла больш за 20 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай абласцей і на Харкаўшчыне.
— На Купянскім напрамку УСУ трымаюць абарону. Праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Кіслоўкі, абстраляў пяць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах шасці і абстралялі яшчэ шэсць населеных пунктаў на Луганшчыне і ў Данецкай вобласці.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі атакі ў раёне Багданаўкі. Расійскія войскі нанеслі авіяўдар каля Дыліеўкі, абстралялі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку УСУ адбілі атакі расійскіх войскаў у раёне Невельскага. Праціўнік нанёс ракетны і авіяцыйны ўдары ў раёне горада Аўдзееўка, абстраляў з артылерыі больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку Сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Мар'інкі і Краснагораўкі. Праціўнік абстраляў больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійскае войска нанесла авіяцыйныя ўдары ў раёнах Новаміхайлаўкі і Благадатнага Данецкай вобласці. Абстраляла больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскае войска засяроджвае асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання УСУ. Спрабавала аднавіць страчанае становішча на поўнач ад Прыютнага Запарожскай вобласці. Абстраляла больш за 20 населеных пунктаў Запарожскай, Херсонскай абласцей і горад Херсон.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла сем удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх войскаў.
— Знішчаныя два разведвальныя БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі чатыры раёны канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, склад боепрыпасаў, 11 артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, два сродкі супрацьпаветранай абароны і станцыю РЭБ расійскіх сіл.
Мінабароны РФ: Адбілі 20 атак на трох напрамках
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ўначы нанеслі «ўдары адплаты» «па цэхах вытворчасці і месцах захоўвання безэкіпажных катараў у раёнах Адэсы і Ільічоўска Адэскай вобласці», а ў Мікалаеве знішчылі аб’екты паліўнай інфраструктуры і склады боепрыпасаў УСУ. «Мэта ўдару дасягнутая. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя».
— Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны рабілі спробы наступальных дзеянняў на Данецкім, Чырвоналіманскім і Паўднёва-Данецкім напрамках.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі 16 атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Белагораўка, Першамайскае, Вясёлае, Краснагораўка, Мар'інка і на поўнач ад Кляшчэеўкі Данецкай вобласці.
Авіяцыяй пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ ў раёнах населеных пунктаў Багданаўка, Часаў Яр і Дыліеўка. Знішчаныя баявая браніраваная машына, тры аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя» і «Гваздзік», а таксама дзве гаўбіцы Д-30, гарматы Д-20 і «Мста-Б». Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Серабранка і Аўдзееўка знішчаныя два склады боепрыпасаў 81-й аэрамабільнай і 110-й механізаванай брыгад УСУ.
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанеслі ўдар па жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Малчанава, Кіслоўка Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Іванаўка Харкаўскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
— На Чырвоналіманскім напрамку групоўкай войскаў «Цэнтр» за суткі адбітыя дзве атакі УСУ на паўночны захад ад населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Крамянная знішчаная дыверсійна-разведвальная група праціўніка. Ударамі авіяцыі і артылерыі нанесенае паражэнне падраздзяленням 21-й, 63-й і 67-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка, Тарское Данецкай вобласці і Серабранскага лясніцтва.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку адбітыя дзве атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Старамаёрскае і Ураджайнае Данецкай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Макараўка Данецкай і Ляваднае Запарожскай вобласці пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ.
— На Запарожскім напрамку нанесенае агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаданілаўка і Лабковае Запарожскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Чарыўнае і Мірнае Запарожскай вобласці спыненыя дзеянні дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 94 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 103 раёнах.
У раёнах населеных пунктаў Аўдзееўка і Тарское Данецкай вобласці пабітыя вузел сувязі 110-й механізаванай брыгады УСУ і пункт кіравання 63-й механізаванай брыгады УСУ.
Сродкамі СПА перахопленыя сем рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 32 беспілотныя лётныя апараты.
Інстытут па вывучэнні вайны: УСУ вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту
Уладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын і, імаверна, камандзір Дзмітрый Уткін выступілі перад байцамі на новай базе ПВК пад Асіповічамі. У Інстытуце па вывучэнні вайны (ISW) кажуць, што гэтай цырымоніяй Прыгожын прадэманстраваў, што ён па-ранейшаму кантралюе вагнераўцаў. Ён перадаў вагнераўскі сцяг, які раней лунаў на галоўнай вайсковай базе групы ў Молькіне Краснадарскага краю, таму, хто будзе кіраваць групоўкай у Беларусі — чалавеку з імем Сяргей і пазыўным Піянер. Паведамляецца, што Піянер узнагароджаны пяццю ордэнамі мужнасці і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Сірыі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Судане, Малі і іншых краінах. Прыгожын таксама ўрачыста ўручыў стужкі расійскіх і беларускіх сцягоў, каб «ніхто не падумаў, што [Вагнер] ваюе без сцяга і без радзімы, як некаторыя кажуць». Прыгожын заявіў, што асабовы склад ПВК застанецца ў Беларусі «на нейкі час» і што яны «зробяць беларускую армію другой арміяй у свеце», што эксперты расцанілі як абразу на адрас Мінабароны Расіі. Яшчэ адзін мужчына — як паведамляецца, Дзмітрый Уткін (пазыўны — Вагнер) — таксама падзякаваў наймітам ПВК за іх працу. ISW не можа пацвердзіць асобу чалавека, якога прадставілі як Уткіна. Калі гэта сапраўды Уткін, то цырымонія стане першым яго публічным з’яўленнем з 2016 года. У Інстытуце таксама адзначылі, што, паводле паведамленняў расійскіх ваенкараў, на гэтай цырымоніі прысутнічалі некалькі тысяч вагнераўцаў, але ISW не можа пацвердзіць гэтай лічбы.
Што да масіраваных удараў ракетамі і беспілотнікамі, якія Расія наносіць па партовай і збожжавай інфраструктуры на поўдні Украіны, то, на думку Інстытута, яны закліканыя прадэманстраваць, што Крэмль выступае рэзка супраць аднаўлення збожжавай угоды і мае намер перашкодзіць Украіне экспартаваць збожжа.
Украінскія войскі 19 ліпеня вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох участках фронту і дамагліся поспехаў.
- На кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 19 ліпеня, відаць, што ўкраінскія сілы прасунуліся каля Андрэеўкі (10 км на паўднёвы захад ад Бахмута).
- Генштаб Украіны паведаміў, што ўкраінскія сілы працягвалі наступальныя аперацыі на поўнач і поўдзень ад горада Бахмут і змусілі расійскія войскі адступіць з пазіцый на паўночны ўсход ад Арэхава-Васільеўкі (11 км на паўночны захад ад Бахмута).
- Генштаб Украіны таксама паведаміў, што ўкраінскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на Бярдзянскім і Мелітопальскім напрамках. Афіцыйны прадстаўнік Таўрычаскай групы войскаў Украіны маёр Валерый Шэршань заявіў, што ўкраінскія сілы прасунуліся больш чым на кіламетр у неназваным раёне Мелітопальскага напрамку.
- Вядомы расійскі блогер заявіў, што расійскім войскам не хапае ратацый і падмацаванняў на Запарожскім фронце і на поўдзень ад Бахмута, што не дазваляе ім вярнуць страчаныя пазіцыі. Ён прагназуе, што затрымкі з вырашэннем гэтых пытанняў пагражаюць сур’ёзнымі наступствамі для расійскай групоўкі ў гэтым раёне.