Казахстан зноў уводзіць забарону на аўтамабільныя перавозкі грузаў з трэціх краін з выкарыстаннем перачэпкі і перагрузкі, паведамілі ў прэс-службе Мінтранса.
«На падставе інфармацыі, якая паступіла ад Міністэрства транспарту Рэспублікі Казахстан, з 9 кастрычніка 2023 года плануецца ўступленне ў законную сілу нарматыўнага прававога акта, які прадугледжвае забарону па міжнароднай перавозцы грузаў з трэціх краін у Рэспубліку Казахстан шляхам „перачэпкі/перагрузкі“ грузавых аўтатранспартных сродкаў Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Нагадаем, з 16 красавіка 2022 года Беларусь увяла контрсанкцыі супраць еўрапейскіх аўтамабільных грузаперавозчыкаў. Ім можна толькі рухацца ў пэўныя лагістычныя цэнтры недалёка ад мяжы для перегрузкі ці перачэпкі. Далей груз везлі беларускія і расійскія перавозчыкі.
Аднак у Казахстане транспартнікі пачалі затрымліваць беларускія і расійскія фуры з грузам, які перазагрузілі ў Беларусі з машын ЕС. Затрымліваючы фуры, Казахстан спасылаўся на свае законы.
Абмежаванні па перавозках у/з трэціх краін, у тым ліку на «перачэпку», былі ўведзеныя ў Казахстане з 2017 года — для абароны інтарэсаў нацыянальных аўтаперавозчыкаў. Паводле закона, нельга рабіць перагрузку ў краіне, якая не з’яўляецца пунктам адпраўлення або прызначэння грузу з трэціх краін у Казахстан. Патрабаванні распаўсюджваюцца на замежных і казахстанскіх перавозчыкаў.
У пачатку чэрвеня 2022 года стала вядома, што ў Казахстане адмянілі забарону на перачэпку для грузаперавозчыкаў з Расіі і Беларусі. Тады гэтае рашэнне тлумачылі «праявай разумення і добрай воляй». А ў траўні 2023 года Міністэрства індустрыі і інфраструктурнага развіцця Казахстана дазволіла беларускім перавозчыкам выкарыстоўваць схему перачэпкі і перагрузкі да 1 студзеня 2024 года.