У TikTok беларусы скардзяцца на «брудны дождж», які накрыў розныя гарады краіны 1 кастрычніка. «Праз гэта ўвечары на аўтамыйцы ў Кобрыне былі чэргі», — напісала адна з карыстальніц, намякаючы на ажыятаж з боку ахвотных памыць машыну пасля такой непагадзі. Даведаліся ў навукоўца, што гэта было і ці небяспечная такая прыродная з’ява.
— Для аматараў змоваў і проста ўсялякай чартаўшчыны. Не ведаю, як па ўсёй Беларусі, [але] у нас у Лідзе ўчора (гаворка пра 1 кастрычніка. — Заўв. рэд.) выпаў вельмі дзіўны дождж. Брудны дождж. Проста паглядзіце, што з машынамі, — кажа ў TikTok карыстальнік Эміль і паказвае свой автомобиль.
Сіняя машына пакрытая шэрымі кропкамі, якія засталіся пасля кропляў дажджу. Паводле мужчыны, гэтак жа выглядаюць і іншыя аўто, якія стаяць побач.
— Я выйшаў, а***еў. Думаў, можа, таму, што пад дрэвам стаяў. Але не, — не хавае эмоцый гараджанін. — Калі летам пылок з дрэваў, я магу зразумець, а гэта што? Нібыта там, на небе, вада скончылася, фільтры паламаліся. Не ведаю. Дзіўна.
@naitmar28 Грязный дождь в Лиде? или в Беларуси? что это? На небесной канцелярии фильтр поломался? #беларусь #дождь #погода #осень #грязь ♬ оригинальный звук — Эмиль
Падобным пытаннем задалася і адна з жыхарак Кобрына.
— Растлумачце, людзі, чаму дождж на дварэ ідзе такі брудны, — спытала яна на сваёй старонцы ў TikTok, а пазней у каментарах напісала: — Выйшлі ў чорных куртках, прыйшлі ў шэрых.
У абмеркаваннях ролікаў людзі з Камянца, Бабруйска, Гродна, Маладзечна, Пружанаў, Белаазёрска, Брэста, Пінска пісалі, што іх таксама накрыў «брудны дождж». Гаварылі пра гэта і жыхары Шчучынскага раёна, а таксама Віцебскай вобласці.
Што кажа навуковец?
Хімік Сяргей Бесараб кажа, што растлумачыць такую з’яву проста. Для гэтага дастаткова супаставіць два фактары. Першы — гэта пылавая бура, якая 1 кастрычніка закранула Беларусь, другі — восеньскія дажджы.
— Відавочна, што з ападкамі асядаюць завіслыя ў паветры дробнадысперсныя цвёрдыя часцінкі, у выніку дождж робіцца брудным, — адзначае суразмоўца і каротка тлумачыць, адкуль узялася пылавая бура: — Яна «зарадзілася» ў Прыкаспійскай нізіне. Там праз моцную ветравую нагрузку высокамінералізаваныя глебы падняліся ў слаі атмасферы і пастаяннымі плынямі паветра пачалі разносіцца па найбліжэйшых тэрыторыях.
Адтуль праз Расію ветрам пылавую буру «прынесла» ў Беларусь.
— Калі раніцай 1 кастрычніка апошні раз бачыў здымак са спадарожніка Terra, пылавое воблака знаходзілася над усходняй Беларуссю, — расказвае суразмоўца. — Краіна ў нас невялікая, таму за лічаныя гадзіны яна дайшла з усходу на захад.
Адказваючы на пытанне, ці небяспечны такі «брудны дождж», Сяргей Бесараб просіць не хвалявацца. Кажа, з мінусаў у гэтай сітуацыі можна назваць толькі адзін — гаспадароў машын чакае аўтамыйка, а ўладальнікаў куртак — пранне. У астатнім ад таго, што час з’яўлення над Беларуссю пылавой буры і дажджу супалі, толькі плюсы.
— Пылавая бура — гэта часцей за ўсё крышталічныя часцінкі, якія трапляюць у паветра, — тлумачыць спецыяліст. — Гэта вельмі сур’ёзная рэспіраторная пагроза. Напрыклад, калі доўгі час удыхаць мікра- і нанапамерныя часцінкі аксіду крэмнію (а пясок на 80−90% складаецца менавіта з аксіду крэмнію), гэта можа прывесці да ўтварэння ў лёгкіх фібрознай тканкі, а ў далейшым — да сілікозу (хваробы лёгкіх) і нават анкалогіі. Гэта першае.
Па-другое, адзначае навуковец, не вядома, што гэты пыл з сабой прынёс. У ім могуць быць патагены, споры грыбкоў, цяжкія металы, пестыцыды.
— Усё гэта знаходзілася ў паветры, — працягвае Бесараб. — А за кошт электрастатычных узаемадзеянняў дождж, скажам так, «захапіў» пыл і апусціў на зямлю.
У выніку, можна сказаць, дождж «прыбраў» пыл з паветра.
Адзначым, што, паводле звестак Белгідрамета, пылавыя буры, якія адзначаліся на поўдні Расіі, на стан паветра ў рэспубліцы істотна не паўплывалі.